Летам 2018 года Моталь атрымаў уласны слоўнік. Ці шмат вёсак у нашай краіне могуць такім пахваліцца? З’ява, безумоўна, радасная, але папярэднічалі ёй сумныя падзеі: аўтар кнігі Дзмітрый Кульбеда трагічна загінуў у верасні 2017 года. На той момант яму было 28 гадоў. Слоўнік выдалі маці Дзімы Марыя Кульбеда, яго хросная маці Ала Скашчук і блізкі сябар, старшыня Украінскага навукова-педагагічнага саюза «Берагіня» Віктар Місіюк. Як ішла праца над знакавай для Моталя кнігай, у якіх гарадах слоўнік ужо быў прэзентаваны і дзе яго чакаюць зараз, а таксама як гэты праект будзе развівацца далей – чытайце ў нашым матэрыяле. 

Па слоўку, па літары

“Я теж думаю, що наша мова е система (як и люба инша), бо упевнився в гэтому литом, коли зробив намоганне скласти «Мотольски словник». Так, не говор, а мова, з набором всих элементов и характерних рис», - піша Дзмітрый Віктару Місіюку ў далёкім снежні 2008 года. У гэты час ён - студэнт 2 курса медыцынскага ўніверсітэта, які збіраецца стаць доктарам і бязмежна любіць Моталь, хоць і жыве ў Рудску. У Моталі нарадзіліся яго бацькі, тут жывуць бабулі і дзед, тут – вялікая радня. Сюды хлопец прыязджае, як толькі выдаецца вольная хвіліна. Напэўна, у такі час і прыходзіць да яго жаданне захаваць мотальскую мову, запісаць, каб не знікла.

Марыя Арсенцьеўна ўспамінае, што сын чуў новыя словы проста паўсюль: “Копаемо у бабы картоплі, вона скажэ яке слово, а вын крычыть: «Мама, баба, стоять!» І шукае, дэ запысаты. Последнее врэмя у тэлефон пысав, а до этого – і на бумажках от канфет, і на салфетках, і на візітках – шо найдемо у кішенях».

Ідэя пераўтвараецца ў праект прыкладна ў 2012 годзе. Падчас вандроўкі ў Моталь гэтую думку Дзмітрыю падкідвае кіраўнік Заходнепалескага анамастыка-дыялекталагічнага цэнтра прафесар Рыгор Аркушын з Луцку. І з гэтага часу Дзіма не проста збірае мотальскія словы, а думае, як іх сістэматызаваць, звязаць у одно цэлае, зрабіць кнігу, вартую ўвагі. Да лета 2017 года матэрыялу сабрана шмат, але часу, часу бракуе! Столькі спраў, што як усё і адолець! Дзмітрый паспявае адпрацаваць інтэрнатуру ў Баранавічах, скончыць ардынатуру ў Мінску.


Марыя Арсенцьеўна ўспамінае, што ў апошні час сын перажываў - кнігі няма! Яму было няёмка перад Рыгорам Аркушыным і Віктарам Місіюком. Радаваўся, што скончылася ардынатура, вучобы стане менш, вольнага часу - больш. А значыць, і кніга будзе. Казаў – “з’езджу яшчэ ў паход і вазьмуся за слоўнік”.

Працягнуць справу сына

На жаль, працу давялося закончыць ужо яго маці і сябрам. Але Дзмітрый паспеў выбудаваць сістэму будучай кнігі, пазбіраў па сваіх запісах словы, выпісаў іх на асобныя паперкі. Марыя Арсенцьеўна адзначае, што спачатку не планавала выдаваць слоўнік, думала проста аддаць усе матэрыялы, што назбіраў сын, у Мотальскі музей народнай творчасці. Завяршыць працу Дзмітрыя яе ўгаварыў Віктар Місіюк.

“Роботу над словніком я начала одразу после Нового року, до того не могла сісті за эты матэрыялы. А потом заставыла сэбэ, сказала – гэто діло мойго сына, хто его доробыть, колы не я? І после роботы, вечурамы, набырала слова на комп’ютэры. По-всякому було – і слёзьмы душыласа - алэ набрала», - расказвае маці аўтара.

Амаль два месяцы спатрэбілася Марыі Арсенцьеўне, как набраць усе словы, падрыхтаваныя сынам да друку. Падчас працы ў рэчах Дзмітрыя, яго паперах знаходзіліся новыя запісы. Гэтыя словы таксама трапілі ў друк. Зараз у слоўніку іх 458, 41 слова наогул яшчэ нідзе і ні разу не было надрукавана, існавала толькі ў вуснай традыцыі. Актыўны удзел у працы прымала і любімая цётка аўтара – настаўніца Ала Скашчук. Акрамя слоў у кнігу вырашылі дадаць яшчэ і прыклады па-мотальску, прыдумляла іх таксама Марыя Арсенцьеўна. Набраны матэрыял яна потым аддавала Але Сцяпанаўне, тая яго правярала, дапаўняла прыклады. Віктар Місіюк потым прапанаваў дадаць яшчэ і рускамоўны пераклад гэтых прыкладаў.

У канцы лютага 2018 года цалкам набраны матэрыял быў перададзены Віктару. Яго задачай было яшчэ раз праверыць усе словы, а таксама напісаць транскрыпцыю да кожнага з іх. У транскрыпцыі выкарыстоўвалі ўкраінскія літары, бо ў Беларусі не знайшлося спецыяліста, які б зрабіў гэту працу па-беларуску. Ды і мотальская мова відавочна падобная да мовы краіны-суседкі. Рэцэнзентам слоўніка выступіў прафесар Аркушын.

Калі слоўнік быў амаль зроблены, Віктар прапанаваў дадаць у кнігу яшчэ і публіцыстыку Дзмітрыя, біяграфічныя матэрыялы (лісты, успаміны, нават невялічкую паэму, якую Дзіма напісаў яшчэ ў школе і прысвяціў аднакласнікам ). Каб не толькі зробленая праца гаварыла пра аўтара з гэтых старонак, каб тут былі і яго ўласныя словы і думкі.

Выдаўца таксама знайшоў Віктар Місіюк. Спонсара, які б дапамог выдаць кнігу, не шукалі – збіраліся надрукаваць 100 экзэмпляраў за ўласныя грошы. Большую частку планавалі заплаціць бацькі, рэшту дадаў бы Віктар. Але летам 2018 года, ужо амаль перад друкам, знайшоўся спонсар – удзел у праекце прыняло вядомае ў Моталі прыватнае прадпрыемства ВК “Моталь”. Мікалай і Алена Шыкалаі самі прапанавалі дапамогу, выпадкова даведаўшыся пра працу над кнігай. Дзякуючы ім першы тыраж слоўніка склаў ужо 200 экзэмпляраў. Яго надрукавалі акурат перад днём нараджэння Дзімы – у ліпені 2018 года. Тады ж прайшла першая прэзентацыя кнігі ў Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Панфёрава.

Доўгае жыццё “Мотольского словника”

З таго моманту, як слоўнік убачыў свет, прайшло ўжо больш за год. За гэты час кнігу прэзентавалі ў Луцку і Брэсце, былі надрукаваны яшчэ два дадатковыя тыражы па 50 экзэмпляраў. У лютым прайшла прэзентацыя і ў Моталі – самая цяжкая з усіх прэзентацый, прызнаецца Марыя Арсенцьеўна. Расказваць пра сына і яго працу менавіта тут было вельмі балюча. І рэакцыя маталян на кнігу мела для яе вельмі вялікае значэнне. Акрамя таго на той сустрэчы было вельмі шмат гасцей – з Брэста, Мінска, Кобрына, польскага Падляшша.

Здавалася б, на гэтым працу можна было б скончыць, кнігу паставіць на паліцу і спрабаваць вучыцца жыць далей. Але Марыя Арсенцьеўна не хоча, каб справа, якой так “гарэў” Дзіма, сышла ў нябыт, забылася. У хуткім часе з мотальскай мовай пазнаёмяцца студэнты з Гродна – там таксама пройдзе прэзентацыя кнігі. У планах – прывезці слоўнік у Польшчу.

Нерэалізаванай засталася яшчэ адна ідэя – агучыць слоўнік, прыкласці да кнігі дыск. Работа над гэтым вялася, і Марыя Арсенцьеўна сама нават агучыла ўвесь матэрыял. Але потым яны параіліся з Віктарам Місіюком і Рыгорам Аркушыным і вырашылі дыск не прыкладаць.

“Я у Мотолі не жыву вжэ 35 років і мені здаецца, шо забула, як говорыты. Акцент появывса. Не думаю, шо гэто було б правільно – до научнэі роботы прыкладати такі запіс. Але зарэ бачу, шо посля Дімочкіноі смерті і я стала більш говорыты по-свойму. І слова начала запысваты», - прызнаецца яна.

Марыя Арсенцьеўна не выключае, што яны з Віктарам Місіюком яшчэ вернуцца да гэтай ідэі – агучыць слоўнік. Трэба толькі знайсці сапраўдную, як яна кажа, маталянку са старэйшага пакалення, якая б пагадзілася прыняць удзел у праекце. Усё ж такі аб’ем матэрыялу вельмі вялікі і праца падаецца не самай простай. Не выключае Марыя Арсенцьеўна і наступных перавыданняў слоўніка, дзе будуць з’яўляцца новыя словы. А дапамагчы гэтаму можа кожны жадаючы жыхар Моталя. На сайце vmotol.by слоўнік размешчаны цалкам, акрамя таго там прадугледжана спецыяльная форма, праз якую можна дадаваць іншыя мотальскія словы. Сістэма працуе так, што яны будуць накіроўвацца да Віктара Місіюка, які іх праверыць, а потым – дадавацца ў слоўнік на сайце. Пазней яны могуць трапіць і ў друкаваную версію. Згадзіцеся – цікавая магчымасць спрычыніцца да напісання кнігі, дапамагчы захаваць сваю родную мову.

На помніку Дзімы напісана “Жыццё занадта кароткае, каб стаяць на месцы”. І ён сапраўды ніколі не стаяў, цікавіўся ўсім і ведаў ўсё, што не спытай. Медыцына, літаратура, этнаграфія, спорт, падарожжы, музыка – жыццё падавалася такім разнастайным, што хацелася паспець усё і адразу. Гэта быў чалавек, які аказваў уплыў на ўсіх, хто быў побач. І працягвае аказваць і цяпер.

Аўтар: Святлана Міховіч