Яркім і самабытным з’яўляецца абрад Мотальскага вяселля, у якім прымае ўдзел амаль уся вёска. Вясельны абрад з’яўляецца адным з самых старажытных абрадаў беларускага сялянства. На працягу значнага часу многія элементы былі страчаны, але галоўныя моманты захаваліся да нашых дзён. Асноўныя этапы Мотальскага вяселля гэта: Перапыты, Літэр, Запоіны, Міранне, Каравай, Першы дзень вяселля, Другі і Трэці дзень вяселля, Госці.
Перапыты і сватанне з’яўляюцца падрыхтоўчым этапам вясельнага абраду. У Перапытах галоўную ролю адыгрывае “Скалля”. Гэта жанчына з доўгім языком, якая вельмі добра ўмее ім “пляскаць”. Некалі ў шлюб уступалі не толькі па каханню, а вялікую ролю адыгрывалі бацькі. Яны выбіралі свайму сыну нявесту, прыглядаліся, каб яна была з добрым пасагам ды зямлей. Бацькі адпраўлялі скаллю ў хату сваей будучай нявесткі, перапытаць ці згодна яна выйсці замуж за іх сына. Скалля ішла падвячоркам, накідваючы на сябе “напынку”, каб яе ніхто не пазнаў і цягнула за сабой доўгі чырвоны мотуз, каб яе справа мела добры вынік. Але дзяўчаты ўсе роўна даведваюцца пра скаллю і падпільноўваюць яе, каб выхапіць мотуз і гэта азначае, што яны доўга не заседзяцца ў дзеўках і ў хуткім часе пойдуць замуж. Прыйшоўшы ў хату дзяўчыны, скалля разхвальвае жаніха, яго бацькоў і ўвогуле яго род. Яна сочыць, як дзяўчына ўспрымае гэта і атрымаўшы станоўчы адказ, скалля наказвае бацькам жаніха аб тым, што бацькі дзяўчыны і сама дзяўчына не супраць.
Далейшы этап вяселля – “Літэр” або Сватанне.
У хаце нявесты знаюць аб прыездзе сватоў і рыхтуюць невялікі пачастунак. Туды адпраўляецца жаніх са сваімі і хроснымі бацькамі і сябрамі. Сваты вязуць з сабой хлеб і літэр гарэлкі. Яны прыязжаюць пасля заходу сонца, каб людзі не бачылі, на выпадак, калі нявеста перадумае. Прыйшоўшы ў хату будучай нявесткі, сваты вядуць гаворку ў форме “купляем” або шукаем што-небудзь. Часам могуць пытаць: “Мы чулі, што ў вас цялушка ёсць, ці не прадасце вы яе нам”. А ім адказваюць, што ў нас няма цялушкі. Тады сваты яшчэ гавораць: “Нам не цялушка патрэбна. Мы чулі многа добрага аб вашай дачцы, што яна і прыгожая і да работы спраўная”. Тады ўжо бацькі ўсміхаюцца і даюць згоду. Рытуал сватання патрабуе, каб сваты праяўлялі знаходлівасць, кемлівасць, вялі размову ў простай жартаўлівай форме. Выпіваецца літэр гарэлкі і абгаворваецца дзень запоін. У гэты дзень жаніх застаецца начаваць у нявесты.
Праз некаторы час у доме нявесты адбываюцца Запоіны. Дзяўчыну як-бы запіваюць да роду жаніха. Яна ўжо не мае права адмовіцца ад замужжа. Звычайна запоіны прызначаюцца на нядзелю ці суботу. Жаніх з бацькамі, бліжэйшымі сябрамі ідуць да нявесты, і наладжваецца вялікая бяседа. Усе садзяцца за сталы, а самае ганаровае месца адводзіцца бацькам жаніха і тым, хто прыйшоў запіваць нявесту. У час запоін пяюць песні, п’юць гарэлку і дамаўляюцца наконт вяселля. Вяселле прызначаюць праз тыдзень-два пасля запоін, у залежнасці ад таго, як паспеюць падрыхтавацца гаспадары.
Незадоўга перад вяселлем адбываецца Міранне. Гэта размяркоўванне падарункаў сярод жаніховай радзіны ад нявесты. Вызначаецца колькасць сватоў, якіх патрэбна будзе перавязваць ручнікамі і адорваць падарункамі.
І вось наступае галоўны дзень перад вяселлем – “Каравай”.
Каравай – галоўны сімвал вяселля, які выпякаюць толькі замужнія, і прычым шчаслівыя ў сямейным жыцці жанчыны. За якасць каравая поўнасцю адказвае першая каравайніца. Вельмі добра, калі ў родзе ёсць цяжарная жанчына. Гэта добрая прыкмета, якая азначае прыбутак у сям’ю. І гэту ролю адводзяць ёй – прызначаюць першай каравайніцай. Каравай пачыналі рабіць з ранку. Прасейвалі муку, парылі малако, падрыхтоўвалі дрожжы.
Каравайны абрад пачынаецца раніцай у першы дзень вяселля-суботу з замесу. Родная маці з кумою памаліўшыся Богу, папрасіўшы добрай долі маладым, рашчыняюць каравай. Асобыя паэтычныя дзеі адбываюцца, калі рашчына падыдзе і цеста “ажывае” і заве каравайнічак, каб яго замясілі:
Песня “Коровай гічэ, гічэ” (Прыходзяць каравайніцы)
Каравайніца: Трэба помолытыса напэрш (“Отчэ наш”)
Далей пачыналі мясіць цеста. Але перш чым мясіць, трэба каравай “напаіць”. Налівалі па чарачцы каравайніцам і чарачку ўлівалі ў цеста.
Каравайніца: Да добрэ мысітэ, коб добрый коровай удаўса.
Песня “Ой нэхто нэ згадае...”
Галоўнай гераіняй усей каравайнай дзеі з’яўляецца першая каравайніца – маладая здаровая блізкая родзічка, якая кіруе ўсім працэсам. Менавіта ёй, удзельніцы караваю, спяваюць песню:
“Чыя ж гэто жона коровай мысыла”
Пякуць яшчэ і шышкі – спецыяльнае ўпрыгажэнне каравая, без якога ён немагчымы. Запаслівыя бацькі робяць шышкі задоўга да дня вяселля з галінак пладовых дрэў. Галінкі ачышчаюць ад кары і высушваюць. Для каравая патрэбна пяць шышак, прычым неаднолькавых. У караваі нявесты павіны быць тры шышкі з двумя парасткамі (“двойчатыя”) і дзве шышкі з трымя парасткамі (“тройчатыя”). Каравай жаніха ўпрыгожваецца чатырмя шышкамі з двумя парасткамі і адной з трымя парасткамі. Так патрэбна, каб у час вяселля абмяняцца шышкамі, у знак абмену двума родамі.
Шышкі абкручваюць доўгімі вузкімі палоскамі цеста і запякаюць над полымнем.
І вось каравайніцы замясілі цеста і трэба памыць рукі. Ёсць у каравайным цыкле тры моманты, калі патрэбна спяваць тройчы. Гэта першы момант.
Песня “Мыйтэ ручкі коровайнычкі...”
Памыўшы рукі, каравайніцы абавязкова воду выліваюць на садовыя дрэвы (вішню, сліву, яблыню), каб яны пладзіліся, а маладыя любіліся.
Але вось ужо каравай падышоў і яго патрэбна “гібаць”. Каравай качаюць за сонцам, прыдаючы яму круглую форму.
Песня “Чэрэз новыі сіны…”
Затым робяць з таго ж цеста ўпрыгожванні для каравая : “барылца”. Іх кладуць на каравай зверху , перад тым як яго паставіць у печ, а вакол абводзяць пляценкай з цеста – “касой”. Каравай выпякаюць ужо ўпрыгожаным.
Песня “Ой, вэчур-вэчур, коровай нэ пэчон…”
Сажаюць каравай у печ на лапаце, благаслаўляюць яго. І вось ужо каравай у печы. Першая каравайніца хлебнай лапатай хрысціць вуглы ў хаце, пачынаючы з покуця. А каравайніцы ёй спяваюць: “Дэ ж тая коровайныца, шо була…” Пяюць жартоўна, з смехам, бо і памяло і лапата у куце, і печ ужо гатова прыняць каравай.
І вось настаў галоўны момант каравайнага абраду – садзіць каравай у печ. Першая каравайніца нясе каравай да печы, дзе з лапатай яе ужо чакае гаспадыня печы, яна ж перадае лапату першай каравайніцы. Суправаджаюць каравай з песняй, якая паўтараецца тройчы:
Песня “Росты короваю”
Пакуль каравай у печы, каравайніцы робяць упрыгожванні для каравая, а менавіта для шышак: папяровыя кветкі, зялёны засушаны авёс, жыта. Стараюцца, каб было больш зеляніны, яркіх красак. Існуе павер’е, чым багацей убраны каравай, тым шчаслівей маладыя будуць жыць. І яшчэ ўпрыгожвалі каравай галінкамі каліны і барвінку: калінай упрыгожвалі каравай дзяўчыны, барвінком – хлопца.
Песня “Пэршая коровайныца нэ ў бэсэды сэділа...”
Увесь час каравайніцы паглядаюць у печ, каб не падгарэў каравай. Прыбіраюць са стала смецце, ставяць века з-пад дзежкі, якое засцілаюць даматканым абрусам (“надіжныком”). Каравайніцы сукаюць чырвоную нітку, якой потым будуць абвязваць каравай.
Каравайніца: Ужэ коровай готовый, трэба его выйматы.
Другая каравайніца: Ой, які хорошы, да вэлыкі вырос коровай!
Але калі наступае час даставаць каравай, павінны з’явіцца абавязкова ўсе каравайніцы. Дастаць каравай з печы зусім не так проста, як здаецца на першы погляд: ён можа вырасці вельмі вялікім, таму на дапамогу каравайніцы клічуць кавалей.
Песня “Ой, дэ ж тыі ковалі...”
Кавалёў выклікаюць тройчы. Гэта другі момант, калі спяваюць тройчы.
Прыйшлі кавалі з сякерамі і хочуць разбураць печ, каб дастаць каравай.
Але гаспадыня не дазваляе ім гэта зрабіць і праганяе кавалёў, гаворачы: “Нэ дай, Божэ, у жныво бабы породытыса, а ў зыму пэчы ўвалытыса”.
І тут на дапамогу каравайніцы выклікаюць птушачак-курапатак.
Песня “Налэтілы куропаты...”
Прыгожы духмяны каравай дастаюць з печы і ставяць на стол.
Увесь час каравай выступае як жывая істота і ён гаворыць з каравайніцамі:
Песня “Ой, буў я і ў пэчы, дай опік собі плэчы...”
Каравай стаіць на стале і астывае, а каравайніцы тым часам упрыгожваюць шышкі (прывязваюць кветкі, авёс, барвінак, каліну ).
Песня “Ой, дайтэ мні голку”
Калі каравай астыў, яго абвязваюць ручніком. Пяць жанчын бяруць “шышкі” і разам утыкаюць іх у каравай, затым абвіваюць “шышкі” чырвоным мотузам, мінаючы тую, што будзе мяняцца.
Песня “Убырайса короваю…”
Нітка гэтая лічыцца памацной і яе даюць кожнаму ўдзельніку вяселля. Асабліва добра дапамагае пры хваробе рук.
Каравайніцы ўсхваляюць каравай і выхваляюцца, якія яны добрыя майстрыхі, які ў іх прыгожы ўдаўся каравай:
Песня “Ой, хорошы, коровай хорошы...”
У песнях ухваляюць яшчэ і бацьку:
“Да багач Іванкоў батэнько”
І вось наступае самы ўрачысты момант – вынас каравая ў клець. Але спачатку патрэбна выбраць татэма – мядзведзя. Гэта блізкі родзіч, абавязкова жанаты, дбайны, разумны гаспадар, якога паважае ўвесь род. Забіраючы каравай, ён абавязкова пад каравай ложыць грошы. Гэта першая заначка маладым.
Песня “Мэдвідь бородаты...”
Гэта ўжо трэці момант, калі спяваюць тройчы.
Мядзведзь выходзіць і выкупляе каравай. Каравай падымаюць высока, круцячыса па хаце “за сонцам”, выносяць яго ў клець і ставяць на скрыню з жытам.
Песня “Высоко сонэчко, высоко..”
Вяртаючыся з каморы, ўсе ўдзельнікі пад гармонік пачынаюць скокі і прыпеўкі.
“Ой , дай ,Божэ, ў добры час”
А зараз, шаноўныя госці, запрашаем Вас пакаштаваць вясельны каравай. Каравай дзеляць і раздаюць гасцям.