У нядзелю, 10 лютага, у Моталі прайшла прэзентацыя кнігі Дзмітрыя Кульбеды «Мотольський словник». Цяжка быць на такой сустрэчы. Схіляюся перад мужнасцю Марыі Арсенцьеўны, якая ўзяла на сябе адказнасць правядзення прэзентацыі, што адразу ператварылася ў размову пра яе сына.
…Мы не былі знаёмыя з ім пры жыцці. Ужо пасля таго, як адбылася трагедыя, у рэдакцыі газеты знайшлі старонку Дзімы Кульбеды ў адной з сацыяльных сетак. Праглянуўшы яе змест, я зразумеў, што наша знаёмства было толькі справай часу. Калі б гэты час быў больш літасцівы…
У гэты дзень у Мотальскім Доме культуры сабраліся гаспадары-маталяне і госці з Брэста, Мінска, Кобрына, польскага Падляшша. Многіх з іх я ведаў раней. Зрэшты, наша знаёмства адбывалася часта ў афіцыйных абставінах, а гэта значыць, у тых умовах, калі тутэйшы чалавек ніколі не гаворыць по-своёму.
Я памятаю даўнейшы выпадак, калі ў адной кампаніі ў Брэсце сышлося некалькі студэнтаў – хтось з горада, іншыя з сяла. Так атрымалася, што «горад» пайшоў трохі раней. Пасля гэтага адзін з пазасталых сказаў: «Вжэ нэма ні Вані, ні Сашы. Будэмо говорыты, як вміемо»…
У гэты дзень я меў магчымасць упершыню пачуць, як, здавалася б, даўно знаёмыя мне людзі «говорать по-просту». Бо сабраліся ўсе свае. Гэта і старшыня Мотальскага сельвыканкама Сяргей Піліповіч, і дырэктар ВК «Моталь» Мікалай Шыкалай, які стаў спонсарам выдання, і Ала Скошчук – хрышчоная маці Дзімы, і яго сябра і аднадумец Віктар Місіюк. Нават без аднаго з выступоўцаў на той сустрэчы яе малюнак быў бы няпоўным. Усіх не буду пералічваць, бо было іх многа, але яшчэ пра адно скажу – пра глыбокую, пранікнёную прамову Наталкі Бабінай – мінскай пісьменніцы, гісторыя сям’і каторай звязана і з нашай Янаўшчынай. Я даўно чытаю тое, што піша Наталка Бабіна, бо адна з яе тэм – гэта трагізм гісторыі Берасцейшчыны ў ХХ стагоддзі. Мотальская сустрэча дала нам магчымасць пазнаёміцца.
Моталь сабраў у гэты дзень людзей, якім баліць за тое, што на вачах знікае традыцыйная культура, унікальная мова Палесся. Сёння на гэтай мове не гавораць дзеці, а гэта значыць, што лёс яе прадказальны. Аўтар «Словника» піша: «…Для мене гето тупик. Нащо вси намоганни, коли знаеш, шо воны марны».
Як адказаць на гэтае пытанне? Можа, і марныя. Але ж унікальны прыклад стваральніка «Мотольського словника» – гэта яшчэ адно пацверджанне думкі, што чым больш чалавек інтэлектуальны, тым цяжэй яго асіміляваць. Прыклады трагедыі адсялення жыхароў Прыбужжа, пра якія пісала Наталка Бабіна, нагадалі мне адзін фрагмент з той пары: калі палякі перасялялі на прыдбаныя нямецкія землі ўкраінскіх сялян, то не сялілі ра-
зам з імі настаўнікаў і свяшчэннікаў – каб прасцей было перарабляць народную масу на палякаў.
Зрэшты, тыя, хто паддаўся іншай, больш моцнай культуры, усё роўна для яе – спрэчны набытак. Бо калі яны ўбачаць больш моцны прыклад – то, верагодна, здрадзяць і ёй. А часам здараецца і цуд пакаяння за здраду і вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў продкаў, сярод якіх мова – першая.
Дзіма Кульбеда застанецца ў інтэлектуальнай спадчыне аўтарам адной кнігі. Гэта не так і блага: мы ж маем шмат прыкладаў, калі напісаныя тамы сыходзяць у нябыт, а аўтар застаецца паэтам аднаго верша. Як там казаў класік? «Беззаганны санет варты цэлай паэмы»…