Неверагодную экалагічную вандроўку на веласіпедах па знакавых месцах аграгарадка Моталь у Міжнародны дзень зямлі здзейснілі вучні Мотальскай сярэдняй школы разам з Мікалаем Стасевічам, кіраўніком грамадскага аб'яднання «Маталянэ», Сяргеем Варухам, начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама, Сяргеем Піліповічам, старшынёй Мотальскага сельвыканкама, Надзеяй Выркоўскай, дырэктарам Мотальскай сярэдняй школы, а таксама з настаўнікамі школы і актыўнымі грамадзянамі Моталя.
Ідэя велакроса належала Сяргею Піліповічу і Мікалаю Стасевічу.
– Асноўная задача, якую мы ставілі перад сабой, – бліжэй пазнаёміць школьнікаў з адметнасцямі нашага краю, нагадаць пра знакамітых людзей, якія нарадзіліся ў Моталі, садзейнічалі развіццю сваёй малой радзімы, – адзначылі ў гутарцы Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Фёдаравіч.
Першай у спісе юных краязнаўцаў была каплічка Святога Яна. Крыніца, каля якой расце сасновы лес, была знойдзена яшчэ ў 1920 годзе. Мясцовыя жыхары у свой час пабудавалі капліцу, унутры якой быў вялікі калодзеж. З цягам часу крынічка стала неад'емнай часткай жыцця маталян. Ваду выкарыстоўвалі для піцця, лічыўшы яе панацэяй ад усіх хвароб. Пасля асвячэння капліцы Святога Яна крынічка стала месцам, дзе людзі не толькі набіраюць ваду, але і адпачываюць, разважаюць, моляцца. Сёння тут вядуцца работы па ўладкаванні тэрыторыі, пад'ёму да крыніцы, абсталяванні купелі. Так, удзельнікі велапрабегу разам з членамі аб'яднання «Маталянэ» арганізавалі невялікі суботнік, у рамках якога прыбралі тэрыторыю каля крыніцы. Затым дзеці разам з дарослымі пасадзілі ялінкі.
Наступным месцам, куды накіраваліся вандроўнікі, стаў Мотальскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Цікавай і запамінальнай была сустрэча школьнікаў з месцам адпачынку «У гасцях у «Лыпы на горы». Сэрцападобная ліпа была пасаджана ў 1860 годзе на скрыжаванні вуліц Варашылава і Горкага. Велізарная, высокая, старая, разгалістая ліпа з прыгожай кронай хавала падарожнікаў і жыхароў Моталя ад спёкі, ветру і дажджу. Мясцовыя жыхары лічылі, што «Лыпа на горы» мае сакральнае значэнне, якое заключалася ў станоўчым зыходзе размоў, гутарак і пагадненняў. Не адно пакаленне маталян, збіраючыся каля ліпы, стварыла моцную сям'ю, так як дрэва з'яўляецца сімвалам Лады, багіні кахання. З нядаўніх часоў у «Лыпы на горы» з'явілася захавальніца – сава Лада Савічна.
З шчырай зацікаўленасцю хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з домам, дзе нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, ветраным млыном Мотальскага музея народнай творчасці. Яшчэ адным пунктам наведвання сталі яўрэйскія могілкі, дзе пахаваны яўрэі, расстраляныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Заключным пунктам экалагічнага падарожжа стала аграсядзіба «Мотальская Венецыя», размешчаная на беразе ракі Ясельда побач з лесам. Падчас экскурсіі ўдзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з яркімі стэндамі, на якіх намаляваны птушкі і звяры, якіх сёння можна сустрэць у нашым рэгіёне. Стэнды былі зроблены па спецыяльнаму заказу Мікалая Фёдаравіча Стасевіча.
Дарэчы, на працягу ўсяго велапрабегу школьнікі, падзеленыя на дзве каманды, спаборнічалі паміж сабой. Па выніках конкурсу перамагла дружба. Абедзьве каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі і смачнымі кандытарскімі вырабамі ад «Анікс Саніа».